Каб не мялеў акіян

Сярэдняя: 4.5 (2 галасоў)
Бацьку майго забралі ад ворыва,
Ад праліўной баразны, ад вясны.
Бацьку майго забралі, як ворага,
На рукі накінуўшы кайданы.
Перааралі, навылет прашылі
Пакойчык нязваныя плугары,
Кайстру вучнёўскую распатрашылі,
Бомбу шукалі ў маім буквары.
Сын паслухмяны бязбожніка-века,
Літасці я не маліў у нябёс.
Да ўсемагутнага звышчалавека
Крыўду, як рану да лекара, нёс.
Нямеў я пад ім, гранітна-адменным,
Бы выбух, што стоены ў цішыні.
Ды на мяне ён паглядам каменным,
Як на мурашку, глядзеў з вышыні.
Хмурыў дзяржаўна ён бровы цяжкія,
Трызнілася яму на зямлі
Змова муроў навакольных, якія
Яго, недасяжнага, перараслі.
Біліся ж сэрцы і ў паняверцы,
Жыў пад канвоем чырвоных пагон
Ленін,
           як вязень за дротам,
                                              у сэрцы
Тысяч людзей
Без надзей і імён.
З кожным бязвінным
Да сценкі пастаўлена
Праўда, якую секлі з пляча.
Гэта стралялі іменем Сталіна
У рэвалюцыю,
У Ільіча.
...Ізноў я на пляцы, 
Дажджамі прамытым,
Дзе ўчора звышчалавек камянеў.
Яго ўзарвалі не дынамітам —
Выбухнуў мой расшчэплены гнеў.
Вернуты памяці, каб не глухла,
Каб не прыйшла да нашчадкаў нямой,
Таварыш Ягораў,
Таварыш Блюхер,
Таварыш без тытулу —
Бацька мой...
Стукае ўладна
Семнаццаты рэхам
Ва ўрады,
                 галовы,
                               мацерыкі.
Вернуты верныя рэчышчы рэкам,
Каб не мялеў акіян трапяткі.