Гнус

Яшчэ не ацэнена

На Ангары, а можа й на Урале
(Не будзем вызначаць дакладна — дзе,
Бо будаўніцтва скрозь у нас ідзе)
Цудоўны горад людзі будавалі.
Палацы, гмахі ўзводзілі, масты,
За паркам парк насаджвалі густы.
На будаўніцтве плённа працавалі
I рускі, і казах, латыш і беларус.
Ды вось бяда, — перашкаджаў у працы гнус.
Казяўка — цьфу! — мізэрная, драбніца,
А нельга ад яе адбіцца.
Ты чэшаш бервяно — а погань шыю смокча.
Навёў тэадаліт — а гнус той слепіць вочы.
Ну так і лезе дрэнь у нос, у рот,
У вушы, за каўнер, залазіць, абармот.
I не дасі паганцу рады.
Казалі, будаўнічыя брыгады
Вытворчасць знізілі амаль на трэць.
Нарэшце нельга ўжо было цярпець,
Рашучыя прыняць патрэбна стала меры,
Бо хустачкай, ці ручніком,
Ці нават пінжаком
Не адмахаешся ад гэтакай халеры.
I вось вучоныя пайшлі
На гнуса ў наступленне.
Не скажам, быццам у імгненне
Яны рэцэпт знайшлі,
Каб гнусу шкоднаму падрэзаць крылы.
Не мала часу, вопыту і сілы
Патрачана было, але прыйшла пара,
Калі, як вынік намагання,
Дазвання
Пазнішчана была ўся машкара.

А чым не гнус, напрыклад, хуліганства?
Не мала шкодзіць нам распуснае паганства,
Але мы вымецем яго з савецкага двара.