Філасофскі камень

Яшчэ не ацэнена
       Алхімікі вякамі
       Шукалі філасофскі камень, —
З жалеза золата рабіць імкнуліся яны.
       Для гэтага адны
       Металы розныя сплаўлялі,
Падперчвалі той сплаў графітным парашком.
       Другія з мыш'яком,
З карболкай ды з салетрай мудравалі,
       Варылі, распякалі,
З малітвай, з заклінаннямі ўвесь час.
       I іншы раз
Такое рэчыва, бывала, здабывалі,
Што не працягнеш да яго рукі,
Бо ад штуршка нязначнага якога
Яно ўзрывалася й алхіміка самога
Разносіла на дробныя шматкі,
Не паважаючы ні чорта і ні бога.
       Вось гэтак і ішло.
Без ліку розных вопытаў вялося,
Нарэшце порах вынайсці ўдалося,
       А золата ўсё не было.
Дарэмна толькі час губляўся,
Бо камень філасофскі не даваўся, —
А хімікі цяпер і там, і тут
       За цудам робяць цуд.
У Салігорску — соль капаюць,
У Гродні — карбаміды вырабляюць,
За эшалонам эшалон
Калгасам угнаенні адпраўляюць.
       А ў Магілёве — ткуць капрон,
У штучныя шаўкі нас апранаюць.
А гэта што, не золата? — Ды золата ж якраз!

Адзначу без маралі,
Што камень філасофскі ёсць у нас.
Яшчэ ў Кастрычніку яго мы адшукалі.