Дзве сястры

Сярэдняя: 3.5 (4 галасоў)
      На тутэйшай зямлі
      Дзве сястрыцы жылі,
Як забытыя ў лесе каліны;
      Жыватворных крыніц
      Не было для сястрыц, —
Яны вялі і сохлі націнай.

      Як надыдзе вясна,
      У чыстым полі адна
Аж да восені сілы губляла,
      А сцюдзёнай зімой
      У хаціне курной
Кужаль прала, снавала і ткала.

      А другой з году ў год
      Выядаў, як той крот,
Дым фабрычны дзявочыя вочы,
      А дзявочу красу,
      Нібы тую расу,
Піў цагляны падвал цёмнай ночай.

      Сярод гора і мук
      З працы гнулася ў крук
Так адна, як ад ветру каліна,
      Ды пяяла з нуды,
      З непацешнай бяды:
Ах ты, доля-няволя жанчыны!

      А другая ў людзей
      Гадавала дзяцей,
Не зазнаўшы прасветнай часіны;
      Ды таксама скрозь сон
      Чуцен быў яе стон:
Ах ты, доля-няволя жанчыны!

      Ой, настаў ужо час
      Пашукаць іншых крас,
Як дагэтуль вы мелі, сястрыцы.
      Голас ваш малады,
      Адчураўшысь нуды,
Забурліць хай бунтарскай крыніцай!

      Годзе кіснуць, марнець,
      Песні смутныя пець, —
Ладзіць новую час гаспадарку!
      Казкі новыя ў свет,
      Дум палаючых цвет
Кінь, сялянка, з сястрой пралетаркай!