Дэкрэт Леніна

Сярэдняя: 4 (5 галасоў)

У дзень той, помню, без прынукі
У воласці маёй глухой
Сышліся ўсе: дзяды і ўнукі,
Бацькі і дзеці грамадой.

На зборні пах махры і поту,
Стаялі, збіўшыся гуртом.
Матрос, прыехаўшы з Балтфлоту,
Праз дым маячыў за сталом.

Трымаў рукой лісток паперы, —
Здаецца, крыллі ў ім былі,
Натоўп уважным вокам змераў:
— Я вам, брацішкі, аб зямлі...

У гурт узбуджаны, вясёлы
Кідаў ён словы нараспеў,
Але й яго нястрымны голас
Было зрываўся і дрыжэў.

I хоць чытаў матрос не вельмі:
Збіваўся, блытаўся не раз,
А скончыў — людзі загудзелі,
Агонь у лямпе ледзь не згас.

Паперу ледзь не кожны мацаў:
— Чытай, матрос! Чаго прыціх?.. —
I той праз ноч шурпатым пальцам
Вадзіў па словах агнявых.

Пыталіся, нібы ў маленні:
— Скажы нам, добры чалавек,
А хто такі таварыш Ленін?
— Той, хто зямлю вам даў навек!