Руская балада.
XX стагоддзе
На вуліцы Шырокай — крокі, крокі,
На вуліцы Шырокай — пільныя званкі,
На вуліцы Шырокай — вока на воку:
На вуліцы Шырокай мак таўкуць шпікі.
Шастаюць філёры,
нібыта здані,
Вушы паліцэйскіх — ля кожнай сцяны.
Ломяцца філёры,
прыкідваюцца,
маняць —
Шукаюць падбухторшчыка ўпарта яны.
Аблізваючы пальцы, залітыя лёкам,
Адмыкаюць нехаця мяшчане замкі...
На вуліцы Шырокай —
крокі, крокі,
На вуліцы Шырокай — спрэс шпікі.
Злуюцца мяшчане:
— I што яму трэба?
Навошта ён прэцца адзін на ражон?
Ёсць жа і хлеб у нас,
ёсць і да хлеба...
Чаго ж так яшчэ дамагаецца ён?!
Жыў бы, як мы, — нават дробязі рады!
Даіў бы штовечар, як мы, самавар...
Яму ж не падабаюцца, бачыце, улады,
Яму ж не даспадобы, бачыце, цар!
I што, божа мілы, пайшлі за людзі —
Нельга спакойна пажыць з-за такіх, —
Злуюцца мяшчане.
Б'юць сябе ў грудзі.
Сытыя гладзяць свае валлякі.
Дзверы расчыняць...
дзверы зачыняць,
Шукаюць,
шукаюць — і ўсё, бач, дарма...
Ну, дзе ж ён,
ну, дзе ж ён, гэты злачынец?
Як скрозь зямлю праваліўся...
Няма!
Зацесна зрабілася тут, на Шырокай,
Звоняць, як кайданы цяжкія,
званкі...
На вуліцы Шырокай — крокі, крокі:
Леніна шукаюць упарта шпікі.
А ён ужо, Ленін, спяшаецца ў Смольны,
Дзе яго чакае працоўны Савет...
Вось-вось «Аўрора» свет стары расколе...
Вось-вось заднеецца
новы наш свет.
(З кнігі «Веча славянскіх балад»)