Чацвёртая вясна

Сярэдняя: 3.3 (3 галасоў)

Вось і лес пачарнеў,
Набрынялі старыя таполі,
Да азёраў і рэк ручаі пацяклі —
За аселіцай рунню укрылася поле,
Гром ударыў, і лівень пабег па зямлі.

Пачынала хрысціцца старая бабуля;
«Загрыміць на аголены лес —
Будзе голад і будзе няўрод»,
Але дождж не змаўкаў,
У маланках, у громе і гуле
Пачынаўся чацвёрты калгасны год.

Дождж ішоў, і, здалося, зямля закінае,
Беглі весела дзеці па лужах уброд.
А ў хаціне шаптала бабуля старая:
«Будзе голад, пабачыце, будзе няўрод».

Загулі ручаіны, вясёлка устала над светам,
I пад ёю дадому буслы паплылі.
«Будзе сонечны год, ураджайнае лета», —
Гаварыў аграном, размінаючы жменю зямлі.

На світанні курыліся луг і папары,
Узнімалася рунь, наліваліся мёдам сады,
Адплывалі на захад барвовыя хмары,
Усміхалася сонца ў калюжынах цёплай вады.

Вось і ліпень настаў.
Залаціўся ячмень за ракою,
Хвалявалася жыта,
Шумелі аўсы.
Іх старэнькая гладзіла кволай рукою
I паціху шаптала: «Не тыя часы».

1934