Бык і дом

Яшчэ не ацэнена

Па вуліцы вялікі Бык ішоў.
Казалі, што з радні яму бізоны.
Ідзе і раптам бачыць — дом чырвоны.
А колер гэтакі быкоў
Прыводзіць заўжды ў стан шалёны.
I вось спыніўся Бык, зароў,
У вочы кінулася кроў,
Паставіў дуба хвост і — трах! — з разгону
Сваім дурным ілбом
У дом.
Дый... адкаціўся, як шчанюк паганы.
Кроў пырснула цурком
З глыбокай раны:
Той дом быў мураваны.
Здаецца, зразумела тут для ўсіх:
Ну, дзе ж ты мур праломіш лобам!
Але той Бык быў не з такіх, —
Відаць, не верыў першым спробам.
На ногі ўскочыў ён і зноў
Капнуў зямлю, набычыўся, зароў,
З пабітай морды пену сеючы шматамі,
I ну
Лупіць ілбом у мураваную сцяну!
I... зноў ля ганка бразнуўся угору капытамі.
Згубіў пры гэтым два рагі,
Зляцеў капыт з пярэдняе нагі,
Абдзёрся, — не злічыць бычынай страты,
Але заўзята
Ён кінуўся на дом і трэці раз.
I тут канчаецца расказ
Пра гэтага вар'ята,
Бо разбурыць ён дом не змог
I пад сцяною здох.

Наш дом — савецкі лад — мацнейшы ад граніту!
Мы ведаем, што розныя бандыты
Імкнуцца развязаць і трэці раз вайну.
Ну-ну!..