Беларусь

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Беларусь, як шырокая жніўная песня,
Беларусь, як паводка празрыстых крыніц,
Беларусь, Беларусь —
Маладосці прадвесне,
Салаўёў пераклічка і гул навальніц.

Над калыскай тваёй бедавала жалейка,
На дарогах тваіх галасілі жанкі,
Прадавалі тваю прыгажосць за капейку
Радзівілы, сапегі, паны і панкі.

Гэта чорная плойма цябе пашматала
На маёнткі, фальваркі, здавала ў палон.
Ты да часу сівела, ты ўсё памятала,
Не забыла нічога да сённяшніх дзён.

Ты жыла ў прыгажосці і ў песні дзявочай,
У журбе мацярынскай і ў звоне касы,
Ты ўзяла у азёраў блакітныя вочы,
У даспелага жыта ўзяла валасы.

Ты была плытагонам, сяўцом і аратым,
Ты зубіла сярпы і сталіла кайло.
Ты вякамі чакала збавення, як свята,
Але свята ніколі ў цябе не было.

Ты вастрыла рагаціны, вілы, сякеры —
Сын твой вырас, цябе за сабою павёў,
Але зноў зарыпелі турэмныя дзверы,
I на шыі пятлю зашмаргнуў Мураўёў.

Але хто там ідзе? Падзівіцеся, людцы,
Хто нам шчасце нясе у глухое сяло?
Гэта з дыму і полымя трох рэвалюцый
I на нашую вуліцу свята прыйшло.

Да цябе, падстаўляючы дужыя плечы,
Працягнула гарачыя рукі радня.
Ты вякамі чакала такое сустрэчы,
Прыгажэла штодня і дужэла штодня:

Ты дзялілася хлебам з галодным Паволжам,
У тыфозных цяплушках паўзла на франты.
Партызаніла, спала на чорных астожжах,
I да ранаў тваіх прыкіпалі бінты.

Толькі верыла ты, што ніякая сіла
Не зламае цябе у цяжкія гады.
Ты у бога палёгкі сабе не прасіла,
Бо паверыла толькі у Леніна ты.

I калі прамінула ліхая навала,
Ты вучыла дзяцей, ты дамы будавала,
На работу хадзіла, нібыта на свята,—
Мала часу прайшло, а зрабіла багата.

Ты ішла на завод у спяцоўцы рабочай:
Косы — спелае жыта, блакітныя вочы.
Ты на поле спяшалася чэрвеньскім ранкам,
А пад вечар была Беларусь партызанкай,
На зямлянку змяніла прасторную хату
I чужынцаў касіла агнём аўтаматаў.

Потым клала падваліны з лепшага дуба
I навечна паставіла звонкія зрубы
На зямлі, што сваёй акрапіла крывёю,
Несмяротная маці нязломных герояў.

Ты сагрэла агнямі палескія ночы...
Косы — спелае жыта, блакітныя вочы.

Беларусь дачакалася светлага свята,
У цябе і сясцёр, і сябровак багата.

Серп і молат, дубовае лісце з пшаніцай
На вякі запляліся у гербе тваім.
Нас не зможа адолець павек навальніца

Мы заўсёды з табой,
Мы на варце стаім.