Балада пра стайню

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Сказаў камісар: «Не патрэбен храм,
вось-вось камунізм настане.
Мы ў храмах наробім складоў і крам,
а ў гэтым хай будзе стайня!»

Сказаў — і забегаў рабочы люд,
пасеклі алтар, іконы.
Заміж Хрыста на сцяне — хамут.
Прыгналі затым і коней.

А конюх хадзіў — ну нібы святар,
паводзіў сябе прыстойна —
маўляў, каб хапала ўсім святла,
каб кожнаму было стойла!

А конюх быў пралетарскі, наш.
Вароты зрання рыпелі,
ён рызай коням насіў фураж,
паіў па чарзе з купелі.

А конюх часам у яслях спаў,
бо піў, як Пане Каханку.
Аўса пад бок з мяшкоў нассыпаў —
і маеш бярлог да ранку!

Гарэлка грэе — не мерз зімой.
Ды толькі аднойчы ўночы
прачнуўся конюх і — Божа мой! —
на лоб аж палезлі вочы —
Ці мала плуга і баразны? —
(Ці я ў Сатаны ў палоне?!)
пад разламаныя абразы
выходзяць і кленчаць коні!!!

I конюх запоўз пад парожні воз,
нібыта ўцякаў ад згубы,
і падалося між п'яных кроз —
вялікія вочы у іх — ад слёз,
ад цугляў — такія зубы.

Моляцца коні?! Хто даў дазвол?
Дзе? У якім законе?!
I конюх выхапіў звыкла кол.
I ўсталі з каленяў коні.

Нібы ашалелі ўсім гуртом
і ведалі, што рабілі,
і плакаў конюх, і капытом
быў кінуты пад драбіны.

...Ён грыз іржавую сталь атос,
а колы ламалі рэбры.
Здавалася — у возе сядзіць Хрыстос,
Трымаючы німб свой срэбны...