Антырэлігійныя частушкі

Сярэдняя: 5 (1 голас)
Пад гарой цячэ крыніца,
На  гары ды дзве сасны.
Не пайду ў царкву маліцца,
Бо нямашака дурных.

               Селі гусі каля броду,
               Селі-палі на ваду...
               Ой, няма папу даходу, —
               Людзі ў цэркву не ідуць.

Расце мята ў агародзе,
А на градах цвіце мак.
«Багародзіца» не ў модзе,
Прызнаецца сам і дзяк.

               Над ракой стаіць каліна,
               А над возерам вярба.
               У мяне сёння акцябрыны,
               Абышоўся й без папа.

Абыйдуся без крапідла,
Бо не знаюся з «айцом»...
Мяне-ж маці не хрысціла,
Не была я й пад вянцом.

               Вецер вее ды з-за гаю,
               Зацалоўвае зямлю.
               Дзе была царква старая
               Там красуецца ўжо клуб.

А у клубе — не здзівіцца:
Б'е ад рання да цямна
Жыватворчаю   крыніцай
Маладняцкая вясна.