Аб Леніне

Сярэдняя: 5 (1 голас)

(З вясковых успамінаў)

У Цупрона Канцавога
Хата поўная людзей,
Ад старога да малога
Там сустрэнеш, як нідзе...
Сёння з гутаркаю важнай
Папрыходзілі сюды.
Янка поступ'ю паважнай
Першы вышаў з грамады.
Стала ціха. Толькі сумна
Вецер ў коміне спяваў, —
Як талкова і разумна
Янка гутарыць пачаў:
— Сёння дзень, калі раптоўна
Бацька Ленін наш сканаў...
Нас без панскага закона
Жыць у згодзе навучаў, —
Адбудоўваць гаспадарку,
Поле трактарам араць,
Не вазіць паноў на карку,
Краем вольным кіраваць.

Скончыў Янка. Толькі хатку
Засцілаў махоркі дым,
Як Параска-дэлегатка
Раптам вышла з грамады.
«Калі ласка! Калі ласка!»
Потым змоўклі, як і быць,
Як пажылая Параска
Пачынала гаманіць:
— Ён казаў — і нам, жанчынам,
Роўнапраўна жыць з мужчынам,
Бо раней, за Мікалаем,
Нас мужчына бэсціў, лаяў,
А цяпер мы маем права
Голас мець у кожнай справе,
Выбіраць і дэлегатак.
Жыццю новаму пачатак
Палажыў наш бацька-Ленін.

За Параскай ў задуменні
Вышаў з цеснай грамады
Камсамолец малады.
— Будзе вечным ленінізм, —
Шлях у даль, у камунізм...
Паглядзіце навакола,
Колькі раці — камсамола, —
Гэта Леніна сыны.
Гадаваліся яны
Пад напевамі віхуры, —
Ім не страшны песні буры.
Спі спакойна, наш Ільіч,
З намі вольнымі твой кліч.
Ад саломенных ваколіц
Раць бадзёрых камсамольцаў
Сцяг свабоды падымае,
Молат, серп ў руках трымае,
Ў сэрцы ленінскія струны
Граюць будучынь камуны.