7 лістапада 1966 года

Сярэдняя: 3.6 (5 галасоў)

Упершыню Кастрычніцкае свята
Я сустракаю тут,
Дзе для мяне бальнічная палата
Горш, чым астрожны кут.

Адгэтуль выйсце мне закратавала
Хвароба — мой жандар,
Знясіленае цела прыкавала
Да ложка, як да нар.

Зняволення расклад для вязня строгі —
Не варухнуцца мне,
Дранцвеюць ногі, цёплы пыл дарогі
Іх грэе толькі ў сне.

Ды пагарджае ўладай неадступных,
Скаваўшых цела страт,
Душа — былых гадоў, гадоў наступных
Няўпынны дэманстрант.

Яе да месца прыкаваць не здольны
Пакуты ланцугі,
Яна ляціць, ляціць, як вецер вольны,
Да вас, да вас, сцягі!

Яна — той самай буры парыванне,
Што ў свет вы несяцё.
На волі — вы, я тут вяду змаганне
Са смерцю, за жыццё.

Іншыя вершы аўтара