Зразумець, што ты — народ,
I ад радасці ўзвінуцца,
На любы яго зварот,
Як на імя адгукнуцца.
Са сваёй Радзімай ты —
Назаўжды адно і тое ж;
I маленькай свалаты
Ад яе ты не прытоіш.
Зразумець, што ты — народ,
Які ў свеце часта хваляць.
Жыць за племя, жыць за род,
Што схавалі часу хвалі.
Памагчы араць і жаць
Нетаропкаму ратаю.
Яго ніву паважаць,
Бо яна ў яго — святая.
Нібы маці, берагчы
Працаўніцу нашу — мову,
Бо яна — жыцця зачын
I пачатак песні новай.
За народ ісці на бой,
Помніць, правячыся боем,
Што стагоддзі за табой
I стагоддзі — прад табою.
