У дзень той, помню, без прынукі
У воласці маёй глухой
Сышліся ўсе: дзяды і ўнукі,
Бацькі і дзеці грамадой.
На зборні пах махры і поту,
Стаялі, збіўшыся гуртом.
Матрос, прыехаўшы з Балтфлоту,
Праз дым маячыў за сталом.
Трымаў рукой лісток паперы, —
Здаецца, крыллі ў ім былі,
Натоўп уважным вокам змераў:
— Я вам, брацішкі, аб зямлі...
У гурт узбуджаны, вясёлы
Кідаў ён словы нараспеў,
Але й яго нястрымны голас
Было зрываўся і дрыжэў.
I хоць чытаў матрос не вельмі:
Збіваўся, блытаўся не раз,
А скончыў — людзі загудзелі,
Агонь у лямпе ледзь не згас.
