Валянцін Таўлай

Аддаю шчыры голас салдацкі

Яшчэ не ацэнена

Я дарос, пасталеў на вайне.
І хоць свеціцца срэбра на скронях,
Дзядзькам клічаш дарма ты мяне, —
Першы раз галасую сягоння...

Я ў баях пасівеў маладым:
Можа, попел мне скроні асыпаў,
Калі я штурмаваў гарады,
А мо пенай апырскала Прыпяць.

Нахадзіўся і я за вайну,
І вярнуўся з паходу ўчора,
І слязу першы раз праглынуў,
Неба роднага ўбачыўшы зоры...

Дай, таварыш, і мне бюлетэнь:
Калі хоча Радзіма спытацца,
Я ў сягонняшні радасны дзень
Адкажу дарагой па-салдацку.

Прысягаю на попел руін
І на нашу вялікую справу, —
Не знайшоў ласкавей я краін,
Ані больш чалавечага права.

Кастрычніцкі салют

Яшчэ не ацэнена

Грыміць кастрычніцкі салют...
Здаецца — гэта гром Аўроры
Ускалыхнуў здалёк зямлю.
І, ззяючы, спадаюць зоры

Пад гулкі, пераклічны залп,
Каторым салютуюць шчыра
Крутыя верхавіны Альп,
Граніты звонкага Паміра.

Закончан слаўны наш паход.
Цвярдыні ворага — ў руінах,
Стары тэўтонскі шлях на ўсход
Прыгвозджан да пляцоў Берліна.

Бары, як некалі гудуць.
Зноў скібы чорныя пад плугам.
І дробяць гарнякам руду,
шахцёры высякаюць вугаль.

І на стырне гадоў — рука,
Якая наша пакаленне
Вядзе з-пад самых барыкад,
Што ўзняў над цэлым светам Ленін.