Бацьку майго забралі ад ворыва, Ад праліўной баразны, ад вясны. Бацьку майго забралі, як ворага, На рукі накінуўшы кайданы. Перааралі, навылет прашылі Пакойчык нязваныя плугары, Кайстру вучнёўскую распатрашылі, Бомбу шукалі ў маім буквары. Сын паслухмяны бязбожніка-века, Літасці я не маліў у нябёс. Да ўсемагутнага звышчалавека Крыўду, як рану да лекара, нёс. Нямеў я пад ім, гранітна-адменным, Бы выбух, што стоены ў цішыні. Ды на мяне ён паглядам каменным, Як на мурашку, глядзеў з вышыні. Хмурыў дзяржаўна ён бровы цяжкія,
