Міхась Скобла

Балада пра стайню

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Сказаў камісар: «Не патрэбен храм,
вось-вось камунізм настане.
Мы ў храмах наробім складоў і крам,
а ў гэтым хай будзе стайня!»

Сказаў — і забегаў рабочы люд,
пасеклі алтар, іконы.
Заміж Хрыста на сцяне — хамут.
Прыгналі затым і коней.

А конюх хадзіў — ну нібы святар,
паводзіў сябе прыстойна —
маўляў, каб хапала ўсім святла,
каб кожнаму было стойла!

А конюх быў пралетарскі, наш.
Вароты зрання рыпелі,
ён рызай коням насіў фураж,
паіў па чарзе з купелі.

А конюх часам у яслях спаў,
бо піў, як Пане Каханку.
Аўса пад бок з мяшкоў нассыпаў —
і маеш бярлог да ранку!