Вуліцы... Вуліцы... Як летуценні,
Поперак сходзяцца, цягнуцца ўдоўж.
Выгляне сонца — асфальт замігцее.
Грымне грамок — скача чэчаццю дождж.
Гром я люблю, гром вясны, а не войнаў,
Болей жа — ціхіх світанкаў спакой.
Рана прачнуўся. Іду ля падвойных,
Сонных на ніжніх паверхах акон.
Безлюдзь у горадзе. Пуста, пакуль ён
Гоман прыцішыў — да галаска.
Плошчы за лейцы ўчапіліся вуліц,
Сціснулі лейцы ў сваіх кулаках.
Добра на вуліцах марыць аб нечым.
З марамі крочыць намнога лягчэй.
Мары ад дому вядуць на сустрэчу.
З кім? Можа з позіркам мілых вачэй?
